group-telegram.com/CabinetBelarus/2966
Last Update:
Вынікі працы «Кансультатыўнай групы Беларусь – ЕС»
11 снежня ў Бруселі адбылося чацвёртае пасяджэнне Кансультатыўнай групы беларускіх дэмакратычных сіл і Еўрапейскага саюза. Яно стала неад’емнай і важнай часткай Дзён Беларусі ў Еўропе, якія праводзяцца на гэтым тыдні (9-13 снежня 2024 года) і ўключаюць шэраг канферэнцый высокага ўзроўню, адмысловыя кансультацыі экспертаў па пытаннях развіцця супрацоўніцтва беларускай грамадзянскай супольнасці з еўрапейскімі структурамі, шматлікія культурныя мерапрыемствы (выставы, канцэрты, паказы фільмаў).
У працы Кансультатыўнай групы ўзяла ўдзел беларуская дэлегацыя на чале са Святланай Ціханоўскай. У склад дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, праваабарончых арганізацый, незалежных медыя, іншых структур грамадзянскай супольнасці. Еўрапейскі бок быў прадстаўлены кіраўніцтвам Службы знешніх сувязей, старшымі службовымі асобамі і экспертамі шэрагу генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі.
На пасяджэнні Кансультатыўнай групы быў праведзены адкрыты і канструктыўны абмен думкамі па шырокім спектры пытанняў, якія ўключалі такія тэмы, як палітычная сітуацыя ў Беларусі, парушэнні правоў чалавека і адказнасць за гэта, вызваленне палітзняволеных, падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі, культурных і адукацыйных праектаў.
Уладзімір Астапенка, прадстаўнік па міжнародных і еўрапейскіх справах Кабінета, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, пракаментаваў вынікі працы:
«Па выніках дыскусіі былі ўзгоднены далейшыя скаардынаваныя дзеянні, у рамках якіх будзе дана адпаведная ацэнка з боку Еўрасаюза таму фарсу, які мы называем «бязвыбары-2025», працягнуцца ціск на нелегітымны рэжым і яго ізаляцыя, а таксама намаганні па прыцягненні да адказнасці асоб, якія здзейснілі злачынствы супраць беларускага народа.
Структуры ЕС запэўнілі нашу дэлегацыю ў тым, што падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці захаваецца як мінімум на тым жа ўзроўні, працягнуцца працэдуры ацэнкі запатрабаванняў з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл і гэтая праца будзе пераведзеная ў шматгадовы фармат, што дазволіць больш устойліва планаваць адпаведныя захады.
Асобная ўвага будзе нададзеная праблемам мабільнасці з мэтай стварыць больш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу беларусаў у разнастайных экспертных, адукацыйных, культурных праграмах, якія прапаноўвае Еўрасаюз.
Удзельнікі Кансультатыўнай групы з задавальненнем канстатавалі, што беларуская павестка застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і што прызначанае кіраўніцтва інстытутаў Еўрасаюза (Парламента, Камісіі, Рады) будзе і далей падтрымліваць намаганні беларусаў, накіраваныя на пабудову незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі».
@CabinetBelarus
BY Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Share with your friend now:
group-telegram.com/CabinetBelarus/2966