Telegram Group Search
#магілёў #sacral_graveyard #sacral_orthodox
Так склалася, што праваслаўныя могілкі, хоць і ў стане паказаць сур'ёзныя манументальныя формы, рэдка песцяць валацугаў, накшталт мяне, прыгожымі статуямі. Бываюць выключэнні, у Горадні, напрыклад. Але Машэкаўскія могілкі ў Магілёве гэтым пахваліцца ня...
Хвіліначку, што тут? Парачка каменных Ісусаў? Вельмі сімпатычна! Вельмі нечакана.
На чым я спыніўся? Машэкаўскія могілкі ня могуць... АМАЛЬ пахваліцца статуямі, тут не захаваліся капліцы. Тым ня менш, атмасфера там чароўная. Шпацыр па іх пакінуў больш пачуццяў, чым на папярэдніх каталіцкіх могілках. А ці не гэта галоўнае ў такога роду падарожжах? З гэтым квэстам самотнага пошуку ідэальна гладкіх глыбаў чорнага граніту сярод дрэваў, жоўтай лістоты ды шчыльных несамавітых пахаванняў.

Спонсар цудоўнага магілёўскага настрою - залатавосеньскі антураж. Але ж памятайце, якое надвор'е было апошнімі днямі? Як пашчасціла людзям, што наведвалі старыя некропалі ў гэтую змрочную імглістую пару. Назіраў тут пэўны кантэнт у інстаграмах і зайздрасць брала🤤

А больш здымкаў глядзіце ў альбоме.
#sacral_data
4 снежня 1957 года памёр Леў Дашкевіч. Чалавек, што стаіць у шэрагу тых дзеячоў, што падаравалі нам выяўленчыя крыніцы жыцця на нашых абшарах стогадовай даўніны - фатограф.
У 1923 годзе ён удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі, вынікі якой павінны былі прэзентаваць Беларусь на Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставе ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Гэтай падзеі, дарэчы, прысвечана зусім свежая кніга С. Грунтова, якую пашчасціла пагартаць і якая натхніла на пэўныя "даследванні".

Пацешна, што пасля візіту ў Баку, спрабаваў знайсці беларускі след у гэтым горадзе з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Той, канешне, выдаваў літаральна дзясяткі прыдуманых прозвішчаў, а мог бы згадаць Льва Дашкевіча. Не факт, што ён правёў шмат часу непасрэдна ў сталіцы Азербайджана, але жыў і выкладаў у Гянджы (былы Елізаветпаль), ездзіў па рэгіёне з Камісіяй па апісанні мясцовасцей і плямёнаў Каўказа. Быў эксперт-фатографам раследавання наступстваў межэтнічных сутычак 1918 года ў Бакінскай губерні, пра што можна знайсці інфу на азербайджанскіх сайтах (загляніце ў каментары). Быў у Арменіі ды Грузіі. Агулам, акрамя Беларусі, ёсць што пашукаць з яго замежнай творчасці.

Пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках. Хто сустракаў яго магілу? Сам вось неяк не пабачыў.
#магілёў #sacral_orthodox
Магчыма, вы неаднаразова сустракалі паняцце "віленскае барока". Хутчэй за ўсё, вы нават бачылі прадстаўнікоў гэтага стылю. У цэнтры Менску, Горадні з Віцебскам ці яшчэ шмат дзе на нашых абшарах.
Але сёння гаворка пойдзе пра іншую плынь барочнай архітэктуры. Больш лакальную, але і, на мой погляд, больш самабытную - так званую магілёўскую школу дойлідства. Ці прасцей, магілёўскае барока.
Стыль гэты склаўся нават раней вышэй згаданага віленскага, недзе другая палова XVII ст. Асаблівасць яго была ў тым, што ён спалучаў крыжова-купальны храм, уласцівы ўсходняй праваслаўнай традыцыі, і заходнюю базіліку, як правіла, з двума вежамі-званіцамі і барочным дэкорам.
Яшчэ стагоддзе назад можна б было сабраць цікавы маршрут па наведванні помнікаў гэтага стылю. Але ў нашыя дні іх захавалася літаральна парачка. Сёння ў допісе назіраем палову гэтага скарба - Свята-Мікольскі праваслаўны жаночы манастыр у Магілёве. Ягоным ядром з'яўляецца Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1672 годзе. На старых здымках бачна, што раней храм меў на фасадзе дзве вежы-званіцы. Верагодна, "згубіліся" яны за савецкім часам ужо пасля Другой сусветнай вайны. Шчыра кажучы, такі выгляд храма асабіста мне падабаецца нават больш, хоць гэта і не аўтэнтычна. З іншага боку, параўнаць няма з чым, бо іншых падобных прадстаўнікоў бачыў толькі на здымках (ёсць Ворша, але там іншы форм-фактар, не лічыцца. А яшчэ магілёўскія майстры наслядзілі на Кіеўшчыне ды Смаленшчыне, але гэта іншая гісторыя).
У 1937-41 гг. у манастыры была перасыльная турма, пасля вайны - кніжная база.
Яшчэ на тэрыторыі ёсць больш сціплы храм святога Ануфрыя. Больш малады, але не новы - 1798 год. Лічыўся "зімовым", бо ў адрозненні ад старэйшага брата (ці сястры), меў ацяпленне.
#sacral_data
Сёння зноў успамінаем прадстаўніка цудоўнага мастацкага накірунку - фатаграфіі. Успамінаем не з нагоды скону, а ў гонар народзінаў. 11 снежня 1852 года ў сям'і не апошняга некалі ў ВКЛ шляхецкага рода Тышкевічаў нарадзіўся хлопчык, ці то Бенедыкт, ці то Генрык, а можа і ўсё разам (жарты за 300).
Найбольш вядомы ён праз свае захапленні фотамастацтвам. У прыватнасці, вядома нямала сюжэтаў, якія зроблены ў сядзібе Г.Б. "Вялае", што недалёка ад Івянца, недзе ў канцы ХІХ ст.
Але дэбют сабжа, як фатографа, адбыўся ў 1876 годзе на выставе ў далёкай Філадэльфіі. Туды ён трапіў, дарэчы, на ўласнай яхце "Жамойць".
Як бачыце, Тышкевіч быў яшчэ і апантаным вандроўнікам. Узнагарода, якую атрымаў Б.Г. у ЗША, была за здымкі з Алжыру.

Некалі вырашыў зрабіць кампіляцыю ўсёй творчасці Бенедыкта Генрыка Тышкевіча, сабраўшы ў альбом усе ягоныя здымкі, што атрымаецца знайсці. Там, напрыклад, ёсць некалькі кадраў з вандроўкі па Афрыцы, куды ён выправіўся ў пачатку ХХ ст. Шмат здымкаў з Вялага: партрэтаў сялян, побытавых і студыйных сюжэтаў, здымкаў сям'і. Але на жаль, няма таго самага Алжыру.
Таму, спадарства, азнаёмцеся з альбомам і ацаніце ці той выпадак, калі "мастак не галодны" пайшло на карысць творчасці?
https://telegra.ph/Fotaalbom-Benedykta-Genryka-Tyshkev%D1%96cha-12-21

Магчыма, у вас будуць заўвагі па подпісах здымкаў і, хто ведае, можа дасце спасылачку на нейкія малавядомыя здымкі. Было б вельмі файна пабачыць нешта новае і падзяліцца з іншымі.
2025/01/05 14:44:30
Back to Top
HTML Embed Code: