group-telegram.com/carkva/6348
Last Update:
🌿 22 кастрычніка 2024 г., у дзень літургічнага ўспаміну сьв. Яна Паўла ІІ, папы Рымскага, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў Боскую Літургію ў Берасьці. Разам з ім саслужыў а. Віталь Быстроў, дыяканскае служэньне спаўняў Вячаслаў Гарчакоў з парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах.
Архімандрыт Сяргей найперш адзначыў, што літургічны ўспамін гэтага сьвятога папы Рымскага адзначаецца ня ў дзень сьмерці, як звычайна для большасьці сьвятых, а ў дзень пачатку ягонага служэньня на пасадзе сьвятога апостала Пятра ў Рыме. Узгадваць духоўную спадчыну гэтага Наступніка сьвятога апостала Пятра і прасіць яго малітоўнага заступніцтва асабліва сымбалічна ў Берасьці, дзе апекунамі грэка-каталіцкай парафіі зьяўляюцца браты-апосталы Пятро і Андрэй – заступнікі хрысьціянскага Захаду і Ўсходу, і дзе ў 1596 годзе была абвешчана царкоўная Унія.
Апостальскі Адміністратар грэка-католікаў Беларусі ў сваім казаньні падкрэсьліў, што ў служэньні і навучаньні сьвятога папы Яна Паўла ІІ тэма еднасьці Царквы, захаваньня для Паўсюднай Царквы каштоўнай спадчыны хрысьціянскага Ўсходу займала надзвычай важнае месца. На пантыфікат папы Яна Паўла ІІ прыйшлося адраджэньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, у тым ліку і нашай Царквы ў Беларусі. Для хрысьціянаў Усходніх Цэркваў сярод розных важных прамоваў і дакументаў сьвятога папы Яна Паўла ІІ асаблівым дарам стала яго Апостальскае Пасланьне «Orientale Lumen – Сьвятло Ўсходу» (1995 г.). Гэтае навучаньне і дагэтуль надзвычай актуальнае для ўсіх вернікаў усходняй традыцыі.
Архімандрыт Сяргей расказаў таксама пра візіт у Рым з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным і аўдыенцыю ў папы Яна Паўла ІІ. Гэтая сустрэча 28 чэрвеня 2004 г. натхніла пісьменьніка на стварэньне кнігі «Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх», якая стала своеасаблівым творчым паклонам пашаны паэта папу Яну Паўлу ІІ. У гэты паэтычны зборнік увайшлі вершы Рыгора Барадуліна і яго пераклад на беларускую мову «Рымскага трыпціха» – паэтычных разважаньняў Яна Паўла ІІ.
Айцец Сяргей зачытаў прысутным на набажэнстве вернікам радкі з гэтага зборніка Рыгора Барадуліна і падараваў у парафіяльную бібліятэку фотаальбом, прысьвечаны папу Яну Паўлу ІІ.
BY Грэка-католікі Беларусі
Warning: Undefined variable $i in /var/www/group-telegram/post.php on line 260
Share with your friend now:
group-telegram.com/carkva/6348