group-telegram.com/carkva/6412
Last Update:
15 лістапада ў грэка-католікаў пачынаецца ПЕРАДКАЛЯДНЫ ПОСТ. Яго яшчэ называюць Піліпаўка, бо за дзень перад тым ушаноўваюць св. апостала Піліпа, хоць гэтае свята ніяк не звязана з перадкаляднымі прыгатаваннямі.
Вялікія хрысціянскія святы заўсёды суправаджаюцца перадсвяточным постам. Нараджэнне Хрыстова, як і Уваскрасенне Гасподняе, належыць да найбольшых святаў у годзе, таму пост перад Раством тварыўся па прыкладзе Вялікага посту.
«Калыскай» гэтага посту з'яўляецца старажытная Галія (цяперашняя Францыя). Згадкі пра падрыхтоўчы пост да Божага Нараджэння на гэтых тэрыторыях адносяцца да V ст. Біскуп Рыгор Турскі (+ 594) кажа, што св. Перпетуус, біскуп Турскі (+ 491), пачынаючы з дня св. Марціна (11 лістапада) пасціўся ў панядзелак, сераду і суботу аж да Хрыстовага Нараджэння. Сабор Турскі II (567 г.) прыпісвае манахам пасціцца кожны дзень у снежні да Хрыстовага Нараджэння. Крыху пазней гэты пост пераходзіць у Рым і Італію, а затым у Англію.
Калядны пост на Захадзе з часам атрымаў назву «адвэнт», што з лацінскай азначае «прыход», гэта значыць прыход Хрыста ў свет. Спачатку слова «адвэнт» азначала само свята Нараджэння Хрыстова, а пазней стала азначаць час перад Раством Хрыстовым. У 9 ст. першая нядзеля адвэнту становіцца пачаткам царкоўнага года на Захадзе.
Калі там калядны пост у VI ст. становіцца ўжо агульным, то на Усходзе пад уплывам Захаду ў гэты час ён толькі пачынаецца. Першую згадку пра калядны пост - ад 14 лістапада падае Копцкі каляндар у VIII ст. Канстанцінопалськаму патрыярху Яну Посніку (582-595) прыпісваюць такое правіла: «Свецкім належыць устрымлівацца ад мяса ў дзве Чатырыдзясятніцы - гэта пост св. Піліпа і пост св. Апосталаў Пятра і Паўла». У IX ст. калядны пост становіцца агульным на ўсім Усходзе.
Пры гэтым багасловы звяртаюць увагу на тое, што літургічна менавіта свята Андрэя (30 лістапада) адкрывае калядную тэматыку ў богаслужэннях, гэта значыць пачынае рыхтаваць Царкву да Раства. Вершапесні вячэрні гэтага свята недвухсэнсоўна ўказваюць нам на сувязь з нараджэннем Хрыста. Ад дня святога апостала Андрэя пачынаецца таксама традыцыя спеву вершапесняў Перадсвяцця Раства пры завяршэнні кожнай важнай літургічнай часткі.
BY Грэка-католікі Беларусі
Share with your friend now:
group-telegram.com/carkva/6412