group-telegram.com/CabinetBelarus/3322
Last Update:
«Беларускія палітвязні ў крытычным стане. Гэта нельга ігнараваць»
– Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, звяртаецца да міжнародных партнёраў, праваабаронцаў, СМІ і неабыякавых беларусаў і беларусак:
«У беларускіх турмах працягваецца мэтанакіраванае знішчэнне людзей. Праз пазбаўленне медыцынскай дапамогі, катаванні і ізаляцыю іх даводзяць да стану, калі жыццё вісіць на валаску. Асабліва цяжкая сітуацыя ў Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук і Вольгі Маёравай, і мы не маем права адварочвацца ад іх пакут.
Вікторыя Кульша ўжо тройчы асуджаная па артыкуле 411 («злоснае непадпарадкаванне»), што на практыцы азначае бясконцыя тэрміны. Яна перажыла дзве спробы суіцыду, тры галадоўкі, у яе цяжкія праблемы з ныркамі. У 2024 годзе яна трымала сухую галадоўку. На мінулым тыдні да яе выклікалі рэанімацыю, бо яна ўжо не можа ўстаць на ногі. Калі ныркі канчаткова адмовяць, без дыялізу яна не выжыве. Гэта не пакаранне, гэта катаванне і асуджэнне на смерць.
Алена Гнаук адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні, і за гэта яе сістэматычна знішчаюць. Са студзеня 2025 года – 20 сутак у ШІЗА і ўжо паўгода ў ПКТ. У яе цяжкія крывацёкі, звязаныя з праблемамі са страўнікам, а ў 2024 годзе яна тыдзень не магла нават устаць у медыцынскай частцы калоніі. Яна працягвае змагацца, але сілы сыходзяць, а дапамога ёй не аказваецца.
Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Больш за тое, з-за статусу «тэрарысткі» ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных.
Не проста парушэнне правоў чалавека. Катаванні. Павольныя забойствы. Беларускія палітвязні ў крытычным стане. Гэта нельга ігнараваць.
Мы просім аб максімальным распаўсюджванні гэтай інфармацыі праз медыя і праваабарончыя арганізацыі. Мы патрабуем ад рэжыму ў Беларусі тэрміновых дзеянняў па аказанні медыцынскай дапамогі ўсім палітвязням. І мы патрабуем жорсткага міжнароднага рэагавання на тое, што адбываецца з жанчынамі ў турмах Беларусі.
Усе звесткі пра гэтых жанчын сталі вядомыя дзякуючы палітвязням, якія цяпер на волі.
Беларускія дэмсілы ўжо доўгі час настойліва звяртаюцца да міжнароднай супольнасці, каб дамагчыся вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў. Святлана Ціханоўская рэгулярна ўздымае гэтае пытанне на міжнародных пляцоўках, і нядаўняя Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы – толькі адзін з прыкладаў. Падчас двухбаковых сустрэч і панэльных дыскусій кіраўніца Кабінета зноў нагадала партнёрам, што сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі крытычная і патрабуе тэрміновага рэагавання.
Дапамагчы можа кожны і кожная – распаўсюдзіце гэтую інфармацыю. Нельга маўчаць, калі людзей мэтанакіравана знішчаюць»
@CabinetBelarus
BY Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

Share with your friend now:
group-telegram.com/CabinetBelarus/3322