group-telegram.com/belarus_sacral/4202
Last Update:
#дуброўна #гара_цэгла #sacral_catholic #sacral_photo
Адметны аб'ект, які прыцягнуў маю ўвагу і, лічы, прымусіў наведаць Дуброўна - жылы корпус былога бернардынскага кляштара пачатку ХІХ стагоддзя. Яго пабудавалі пасля пажару, які знішчыў драўляныя пабудовы кляштара. Манаскае братэрства існавала тут з 1630 года.
Ходзяць легенды, што даўно існуе план ператварыць будынак у музей. Але пакуль усё выглядае вось так.
Давайце сёння паразважаем пра генэзіс хрысціянскіх манахаў. Манаства пачынае з'яўляцца недзе ў ІІІ стагоддзі ў сірыйскай і егіпецкай пустынях, калі вернікі пачынаюць сыходзіць з паганскіх гарадоў, каб прысвяціць сябе малітве і аскезе. Прыкладна ў 530 годзе Бенедыкт Нурсійскі напіша збор правілаў для свайго абацтва Монтэкасіна - вельмі ўплывовы статут, якім будуць карыстацца іншыя шматлікія манаскія братэрствы. Змест яго быў не вельмі хардкорны: падпарадкоўвайся пробашчу, маліся, не выходзь з кляштара. Зусім не старадаўнія пустэльнікі. Таму чэлы, што марылі аб сапраўдным ідэале, заснавалі абацтва ў Клюні ў 910 годзе.
Хутка і яны абраслі землямі і багаццем. І зноў знайшліся тыя, хто хоча адраджаць сапраўдны ідэал манаха. 1098 год, Робер Малемскі засноўвае кляштар у Сіто - ордэн цыстэрцыянцаў, белых манахаў.
Іх называюць бернардынцамі, у гонар святога Бернарда Клевроскага, які паспрыяў станаўленню ордэна.
Але хутчэй за ўсё, гэта не тыя, хто нам патрэбен, нягледзячы на тую ж назву.
У ХІІІ стагоддзі ўзнікае новы тып манахаў - прапаведнікі. Гэтыя сабжы ўжо не лічаць патрэбным хавацца ад свету за сценамі сваіх прыстанкаў, іх абавязак у гэтым свеце - пропаведзь! І імя гэтым дзеячам - дамініканцы (учора ў іх была чарговая гадавіна) і францішканцы. Апошнія вядомыя як манахі-жабракі. Яны ж потым падзеляцца на некалькі галін. Прадстаўнікоў адной з іх называюць абсэрвантамі. Зноў жа старая гісторыя: ўсе зажэрліся і патапталі праведны ідэал, зробім свой кляштар з беднасцю і аскезай. Адным з такіх рэфарматаў стаў Бернард Сіенскі. А ўжо італьянскі прапаведнік і святы Іаан Капістран прывёз гэтую з'яву ў Кракаў у 1453 годзе, адкуль манахі-бернардзіны пачалі распаўзацца па ўсёй Рэчы Паспалітай. Падобна, што менавіта гэтыя дзеячы дабраліся да Дуброўна амаль 400 год таму.
Так бы мовіць, мараль: хрысціянства вучыць нас канчатковасці часу і, як следства, канцу гісторыі, але пакуль мы можам назіраць доўгую гісторыю з адыходам і вяртаннем да евангельскіх ідэалаў. Працягваем назіраць.
BY sacral_BY
Warning: Undefined variable $i in /var/www/group-telegram/post.php on line 260
Share with your friend now:
group-telegram.com/belarus_sacral/4202