Telegram Group Search
Святлана Ціханоўская – да Дня настаўніка

«Дарагія мае!

Сёння выдатная нагода ўзгадаць настаўнікаў, якія вучылі нас крытычна мысліць, суперажываць блізкім і браць адказнасць за свае ўчынкі.

На вялікі жаль, сёння выкладчыкам даводзіцца ўзважваць кожнае слова. Бо нават праз цытату кагосьці з беларускіх класікаў, якія раптам сталі экстрэмістамі, можна апынуцца ў турме. Ідэалогія і палітыка запоўнілі школы – і гэты ціск не дае вольна дыхаць і творча падыходзіць да працы. Настаўнікаў прымушаюць прыбраць «неблаганадзейныя» фотаздымкі з кабінетаў замежнай мовы. Выклікаюць у КДБ за ўдзел у чаце ўзаемадапамогі і настойваюць на справаздачах пра тое, што яны робяць падчас «фортак» у раскладзе. І гэта ўсе – на фоне звальненняў за скаргі аб нізкіх заробках і неабходнасці браць дадатковыя гадзіны, каб пракарміць сем'і.

Як вынік, дасведчаныя спецыялісты пакідаюць школы, маладыя настаўнікі не бачаць перспектывы ў прафесіі, а тыя, хто застаюцца – вымушаныя весці па некалькі прадметаў адначасова.

Але я захапляюся вамі, бо, нягледзячы ні на што, вы працягваеце адукоўваць дзетак. Даяце ім падтрымку і не дазваляеце падмяняць месцамі дабро і зло. Тлумачыце, што прасіць прабачэння, калі памыляешся, – гэта праява сілы, а не слабасці, а дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе, – чалавечнасць, а не геройства. Вучыце не проста «адказваць па падручніку», а самастойна думаць, прымаць рашэнні і абараняць свае погляды. Напраўляеце іх, каб пазбегнуць памылак. А калі памылкі ўсё ж трапляюцца, то тлумачыце: гэта таксама вопыт – і заўсёды можна звярнуцца па дапамогу.

Я ведаю, як цяжка часам бывае з дзецьмі. Але я ганаруся вашай здольнасцю слухаць і чуць дзяцей – і даводзіць кожнаму беларусу і кожнай беларусцы, што яны з’яўляюцца Асобамі.

Дзякуй вам і са святам!»
«ААН – гэта добрая пляцоўка, дзе мы сустракаемся не толькі са сваімі саюзнікамі, але і з краінамі, якія могуць быць карысныя нашай справе» – Святлана Ціханоўская

Падчас працоўнага візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю выданню «Голас Амерыкі», у якім адказала на пытанне, чаму для беларускіх дэмакратычных сілаў важны ўдзел у Генасамблеі ААН і на якую міжнародную падтрымку яны разлічваюць:

📌 «Мы шукаем сусветных лідараў, якія маглі б дапамагчы нам. Людзі ў беларускіх турмах паміраюць. Гэта самая балючая тэма для нас. Я думаю, што краіны, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць нейкія стасункі з рэжымам, могуць дапамагчы нам у вырашэнні гуманітарнага крызісу».

📌 «Лукашэнка хоча прадставіць вызваленне каля 100 чалавек як акт гуманнасці. Але гэта не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Гэтае вызваленне звязанае з ціскам, які аказваецца на рэжым Лукашэнкі. Яны хочуць скасавання санкцыяў».

📌 «Нашая задача – пераканацца, што палітыка нашых замежных партнёраў не зменіцца. Мы шукаем шляхі вызвалення палітвязняў з гуманітарных меркаванняў. Мы шукаем краіны, арганізацыі, якія маглі б стаць пасярэднікамі ў гэтым пытанні».

📌 «Мы хочам выкарыстоўваць міжнародныя механізмы – Міжнародны крымінальны суд (ICC), Міжнародны суд ААН (ICJ), каб прыцягнуць Лукашэнку і яго паслугачоў да адказнасці. Гэтыя інструменты даволі марудлівыя, але мы паслядоўныя ў сваім падыходзе і спадзяёмся, што вельмі хутка пачнём спецыяльнае расследаванне гэтых злачынстваў».

📌 «Нашая канчатковая мэта – вызваліць палітвязняў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, але перад гэтым мы павінны максімальна аслабіць рэжым і ўмацаваць нацыянальную ідэнтычнасць, грамадзянскую супольнасць, дэмакратычныя сілы, каб пераходны перыяд прайшоў гладка і хутка».
2024/10/07 14:26:57
Back to Top
HTML Embed Code: