Telegram Group Search
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Беларусь на Мюнхенскай канферэнцыі: Ціханоўская і Кабанчук пра будучыню краіны ў сістэме бяспекі рэгіёну Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук пачалі ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы…
Кіраўніца Кабінета сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

Святлана Ціханоўская: «Я працягваю перамовы з лідарамі ЗША і ЕС – не толькі аб справядлівым міры для Украіны, але і для Беларусі.

Беларусь павінна быць на парадку дня мірных перамоў. Мы павінны вывесці нашую краіну з вайны і разарваць хватку Расіі
»

@CabinetBelarus
Пытанне Беларусі ў мірным працэсе: сустрэчы кіраўніцы Кабінета ў Мюнхене

На палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з генералам Джозэфам Келагам, які адказвае за пытанні мірных перамоў па Украіне. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прадставіў Ціханоўскую: «Спадар Келаг, дазвольце вам прадставіць абраную прэзідэнтку Беларусі».

Падчас сустрэчы Ціханоўская адзначыла вызваленне трох закладнікаў, у тым ліку двух палітвязняў, і падзякавала адміністрацыі Трампа за падтрымку. Абмяркоўваліся магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі і неабходнасць уключэння беларускага пытання ў перамовы па Украіне. «Я патлумачыла генералу, што для ўстойлівага міру неабходная прадказальная Беларусь без расійскай вайсковай прысутнасці. Мы дамовіліся працягваць камунікацыю», – адзначыла яна.

Таксама кіраўніца Кабінета далучылася да панэльнай дыскусіі з кіраўніком МЗС Украіны Андрэем Сібігам і генералам Келагам, дзе зноў узняла тэму Беларусі, задаўшы пытанне спецпасланніку ЗША.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на канферэнцыі падкрэсліў важнасць беларускага пытання ў кантэксце заканчэння вайны. Святлана Ціханоўская падтрымала гэты падыход: «Важна, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падымае пытанне Беларусі ў кантэксце завяршэння вайны. Гэта тое, пра што я размаўляю з сусветнымі лідарамі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы гэтымі днямі. Перамовы па заканчэнні вайны – гэта не толькі пра Украіну. Гэта і пра Беларусь, і пра Малдову, і пра ўвесь рэгіён. Без спынення ўдзелу лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне, без бяспечнай, стабільнай і дэмакратычнай Беларусі гэты мір не будзе ўстойлівым».

Яна заклікала, каб беларускае пытанне было ўзнята падчас перамоў, каб не дапусціць захавання нашай краіны ў сферы ўплыву Расіі. «Нельга дапусціць, каб быў зафіксаваны статус-кво і Беларусь засталася ў сферы ўплыву Расіі. Гэта толькі развязала б рукі дыктатарам і ўзмацніла б Пуціна».

Працягваючы абмеркаванне мірных перамоў па Украіне і ролі Беларусі ў гэтым працэсе, Ціханоўская правяла сустрэчы з сенатарамі і кангрэсменамі ЗША, уключаючы Браяна Маста, Джыма Рыша, Джын Шахін, Джо Вілсана, Браяна Фіцпатрыка і Роджэра Вікера. Абмяркоўваліся роля Беларусі ў мірных перамовах, падтрымка незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці, вызваленне палітвязняў і магчымасць прызначэння спецпасланніка ЗША па Беларусі. Ціханоўская падзякавала за падтрымку і дамовілася аб слуханнях у Кангрэсе па сітуацыі ў Беларусі.

@CabinetBelarus
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, – пра беларускую тэматыку падчас Мюнхенскай канферэнцыі:

«Уключаючы пытанне Беларусі ў парадак абмеркавання з прэзідэнтам ЗША і ў кантэкст еўрапейскай бяспекі, Украіна ў асобе прэзідэнта Зяленскага пацвердзіла, што з’яўляецца натуральным саюзнікам дэмакратычных сіл Беларусі. Я бачу ў гэтым адно з дасягненняў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Нагадаю, крыніца нашых праблем у бяспецы аднолькавая – Расійская Федэрацыя, якая адмаўляе нашым краінам у ідэнтычнасці і ставіць не толькі пад сумненне, але і прамую пагрозу дзяржаўнасць Беларусі і Украіны.

Беларусь і Украіна маюць працяглую агульную мяжу, і для Украіны патэнцыйная пагроза з поўначы выклікае зразумелыя перасцярогі. Беларускія дэмакратычныя сілы разумеюць гэта і гатовыя сінхранізаваць нашыя стратэгіі па бяспецы і нівеляванні пагрозы для Украіны і Беларусі.

Беларуская дэлегацыя на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы пераканалася, што беларускае пытанне не знятае з міжнароднага парадку дня, а таксама зрабіла ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі ў нашай краіне. Сталая цікаўнасць захоўваецца найперш у нашых еўрапейскіх партнёраў, якія разумеюць, што без бяспечнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы»

На фота: Вадзім Кабанчук і Святлана Ціханоўская падчас сайд-івэнту «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар перамен або пешка ў чужой гульні?»; сустрэча з кангрэсменам Джо Вілсанам і дзяржсакратаром па замежных справах Вялікабрытаніі Дэвідам Лэмі.

@CabinetBelarus
«Беларускія палітвязні ў крытычным стане. Гэта нельга ігнараваць»

Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, звяртаецца да міжнародных партнёраў, праваабаронцаў, СМІ і неабыякавых беларусаў і беларусак:

«У беларускіх турмах працягваецца мэтанакіраванае знішчэнне людзей. Праз пазбаўленне медыцынскай дапамогі, катаванні і ізаляцыю іх даводзяць да стану, калі жыццё вісіць на валаску. Асабліва цяжкая сітуацыя ў Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук і Вольгі Маёравай, і мы не маем права адварочвацца ад іх пакут.

Вікторыя Кульша ўжо тройчы асуджаная па артыкуле 411 («злоснае непадпарадкаванне»), што на практыцы азначае бясконцыя тэрміны. Яна перажыла дзве спробы суіцыду, тры галадоўкі, у яе цяжкія праблемы з ныркамі. У 2024 годзе яна трымала сухую галадоўку. На мінулым тыдні да яе выклікалі рэанімацыю, бо яна ўжо не можа ўстаць на ногі. Калі ныркі канчаткова адмовяць, без дыялізу яна не выжыве. Гэта не пакаранне, гэта катаванне і асуджэнне на смерць.

Алена Гнаук адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні, і за гэта яе сістэматычна знішчаюць. Са студзеня 2025 года – 20 сутак у ШІЗА і ўжо паўгода ў ПКТ. У яе цяжкія крывацёкі, звязаныя з праблемамі са страўнікам, а ў 2024 годзе яна тыдзень не магла нават устаць у медыцынскай частцы калоніі. Яна працягвае змагацца, але сілы сыходзяць, а дапамога ёй не аказваецца.

Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Больш за тое, з-за статусу «тэрарысткі» ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных.

Не проста парушэнне правоў чалавека. Катаванні. Павольныя забойствы. Беларускія палітвязні ў крытычным стане. Гэта нельга ігнараваць.

Мы просім аб максімальным распаўсюджванні гэтай інфармацыі праз медыя і праваабарончыя арганізацыі. Мы патрабуем ад рэжыму ў Беларусі тэрміновых дзеянняў па аказанні медыцынскай дапамогі ўсім палітвязням. І мы патрабуем жорсткага міжнароднага рэагавання на тое, што адбываецца з жанчынамі ў турмах Беларусі.

Усе звесткі пра гэтых жанчын сталі вядомыя дзякуючы палітвязням, якія цяпер на волі.

Беларускія дэмсілы ўжо доўгі час настойліва звяртаюцца да міжнароднай супольнасці, каб дамагчыся вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў. Святлана Ціханоўская рэгулярна ўздымае гэтае пытанне на міжнародных пляцоўках, і нядаўняя Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы – толькі адзін з прыкладаў. Падчас двухбаковых сустрэч і панэльных дыскусій кіраўніца Кабінета зноў нагадала партнёрам, што сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі крытычная і патрабуе тэрміновага рэагавання.

Дапамагчы можа кожны і кожная – распаўсюдзіце гэтую інфармацыю. Нельга маўчаць, калі людзей мэтанакіравана знішчаюць»

@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
«Беларускія палітвязні ў крытычным стане. Гэта нельга ігнараваць» – Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, звяртаецца да міжнародных партнёраў, праваабаронцаў, СМІ і неабыякавых беларусаў і беларусак: «У беларускіх турмах працягваецца…
Кіраўніца Кабінета ўзняла пытанні вызвалення беларускіх палітзняволеных падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

У прыватнасці Святлана Ціханоўская сустрэлася з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам і выступіла падчас панэльнай дыскусіі аб рэпрэсіях з удзелам Юліі Навальнай і эксперткі Брукінгскага інстытута Фіоны Хіл.

Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека кіраўніца Кабінета перадала дакументы ад беларускіх праваабаронцаў пра апошнюю хвалю рэпрэсій, сітуацыю ў турмах і спісы палітвязняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што сітуацыя катастрафічная і патрабуе неадкладнага ўмяшання, і заклікала Вярхоўнага камісара спрыяць гуманітарным вызваленням, забеспячэнню доступу да зняволеных і спыненню практыкі інкамунікада.

Таксама кіраўніца Кабінета перадала дакумент з прапановамі крокаў для вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій, заклікала да большай рашучасці ў гэтым напрамку.

Асобна абмяркоўвалася запланаваная на сакавік прэзентацыя справаздачы групы незалежных экспертаў ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У справаздачы фіксуюцца доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.

@CabinetBelarus
Дададзім беларускую мову ў Amazon KDP разам!

Напярэдадні Дня роднай мовы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падтрымлівае акцыю #BezosGiveMeMyBook і заклікае далучыцца да яе ўсіх ахвотных.

Вы можаце паўдзельнічаць у зборы подпісаў пад зваротам да кампаніі Amazon KDP, каб платформа адкрыла магчымасць карыстання беларускай мовай – і дазволіла беларускім аўтарам і аўтаркам легальна і зручна выдаваць і прадаваць кнігі на ёй.

Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета: «Мы горача падтрымліваем ініцыятыву #BezosGiveMeMyBook, якую запусціла беларуская актывістка Марыя Грыц.

Яна звярнулася да Amazon з заклікам адкрыць беларускую мову для карыстання ў Kindle Direct Publishing (KDP) – сэрвісе, які дазваляе любому чалавеку самастойна выдаваць кнігі, коміксы ці альбомы.

Падобныя платформы, якія можна назваць сучасным самвыдатам, ужо сталі натуральнай часткай кніжнай індустрыі ва ўсім свеце. Яны робяць выдавецкі працэс больш даступным і дазваляюць кожнаму ствараць і распаўсюджваць уласныя творы.

Падтрымка беларускай мовы ў KDP – гэта не толькі тэхнічнае пытанне. Гэта важны крок да яе міжнароднага прызнання і пашырэння магчымасцей для беларускіх аўтараў.

Папулярызацыя беларускай мовы на глабальных платформах – частка стратэгіі дэмакратычных сіл Беларусі і адна з мэт нацыянальнага адраджэння. Стварэнне культурных, навуковых і адукацыйных прадуктаў на беларускай мове – гэта і абарона нацыянальнай ідэнтычнасці, і спосаб умацаваць пазіцыі Беларусі ў свеце.

Будзьма беларусамі! Пішыма, выдавайма і чытайма па-беларуску!»

#AddBelarusianToAmazon #ДзеньРоднайМовы

@CabinetBelarus
«Абяцанні Лукашэнкі пра заробкі па 500 долараў так і засталіся нявыкананымі»

Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях аховы здароўя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Станіслаў Салавей пракаментаваў заявы дзяржаўнай прапаганды аб заробках беларускіх медыкаў:

«Тэлеканал АНТ, які знаходзіцца пад кантролем рэжыму Лукашэнкі, апублікаваў у Instagram відэа, у якім сцвярджаецца, што сярэдні заробак работніка сістэмы аховы здароўя ў 2024 годзе складае 2111 рублёў да выліку падаткаў. Урачы-спецыялісты нібыта атрымліваюць 3576 рублёў у месяц, а медсёстры – ад 1460 да 1656 рублёў.

Уважлівы глядач убачыць, што заробкі пазначаны да выліку падаткаў і абавязковых адлічэнняў, што істотна зніжае рэальны даход. Але прапагандысты відавочна робяць стаўку на тых, хто не ўнікае ў дэталі. Мэта, відаць, паказаць, як нядрэнна ў Беларусі зарабляюць урачы.

Але калі гэта сапраўды так, чаму працягваецца іх масавая працоўная міграцыя? Чаму ўлады, прызнаючы праблему адтоку кадраў у медыцыне, змагаюцца з ёй чым заўгодна, акрамя павышэння заробкаў і паляпшэння ўмоў працы?

Мімаволі прыходзіць на розум анекдот, калі ў палаце ў аднаго пацыента тэмпература 42,0°C, а ў другога ўжо 31,2°C – і яму ўжо нічым не дапамагчы. А вось сярэдняя па палаце 36,6°C – норма!

Дастаткова зазірнуць на сайт вакансій rabota.by, каб убачыць рэальны стан спраў.

Урач-тэрапеўт у Магілёўскай бальніцы хуткай дапамогі можа разлічваць на 2500–2700 рублёў да выліку падаткаў, у Мінску – на 2000–2400 рублёў. А вось урач-анколаг у Валожынскай ЦРБ атрымае 1100–1500 рублёў на рукі, урач-педыятр у Мінску – ад 1500 рублёў чыстымі. Пошук па слове «врач» на гэтым сайце выдае 226 вакансій, большасць з якіх прапануюць заробкі ніжэй заяўленага прапагандай узроўню. Больш высокія даходы абяцаюцца ў прыватных клініках або на адміністрацыйных пасадах.

Калі звярнуць увагу на рэакцыю людзей у каментарах пад прапагандысцкім ролікам, становіцца відавочна: у грамадства назапасіліся сур’ёзныя прэтэнзіі да ўлады. Дзякую смелым каментатарам! Што тут скажаш, абяцанні, напэўна, пятнаццацігадовай даўніны ад Лукашэнкі пра заробкі па 500 долараў так і засталіся нявыкананымі.

Рэальныя зарплаты медыкаў прыкметна ніжэйшыя за заяўленыя, нават пры працы на паўтары стаўкі. Асабліва востра стаіць пытанне ў медсясцёр, якія працуюць звышурочна, але атрымліваюць на рукі далёка не сярэднюю. Людзі скардзяцца, што пры такіх заробках дзяржава далёка не заўсёды дае інтэрнат, і значная частка даходаў ідзе на здымнае жыллё.

Словам, рэальная сітуацыя ў ахове здароўя далёкая ад вясёлкавай карціны, якая малюецца дзяржСМІ. Без зменаў мы рызыкуем сутыкнуцца з яшчэ большым крызісам, наступствы якога будуць цяжка адчувацца на ўсіх узроўнях».

@CabinetBelarus
Бланк для дыктоўкі 2025.pdf
227 KB
Агульнанацыянальная дыктоўка адбудзецца ўжо заўтра, у Дзень роднай мовы!

Суарганізатарамі дыктоўкі ў гэтым годзе сталі Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета і тэлеканал «Белсат».

Дыктоўку ў эфіры «Белсата» правядзе пісьменніца Ева Вежнавец.

Зладзіць уласную дыктоўку ў школе, офісе, дома ці ў культурніцкай прасторы дыяспары можаце і вы!

Для гэтага выкарыстайце тэкст «Роднае слова» (паводле артыкула Цёткі) і бланк, якія далучаныя да паведамлення.

Гэта выдатная магчымасць праверыць свае веды беларускай мовы, адчуць еднасць з іншымі ўдзельнікамі і падтрымаць родную культуру.

#ДзеньРоднайМовы

@CabinetBelarus
У Дзень роднай мовы падключайцеся да эфіру «Белсата» і прымайце ўдзел у беларускай дыктоўцы

Дыктоўку правядзе пісьменніца Ева Вежнавец (Святлана Курс).

21 лютага, у 20:30 па беларускім часе, пераходзьце па спасылцы і далучайцеся да падзеі.

Таксама вы можаце зладзіць уласную дыктоўку ў школе, офісе, дома ці ў культурніцкай прасторы дыяспары. Для гэтага карыстайцеся матэрыяламі, якія падрыхтавала для вас Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета ў супрацоўніцтве з беларускімі мовазнаўцамі, па спасылцы.

#ДзеньРоднайМовы

@CabinetBelarus
Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі адносна месца і будучыні Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе

На пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета 19 лютага 2025 года прынятая заява адносна месца і будучыні Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе наступнае:

Кабінет лічыць стратэгічна важнай і цалкам падзяляе пазіцыю Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, агучаную падчас Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, у якой падкрэслена, што «ўсходняя мяжа Украіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі – гэта самая моцная лінія бяспекі для ўсіх нас у Еўропе таму, што гэта рыса міжнароднага права».

Кабінет адзначае, што рэгіянальная бяспека можа быць рэальна гарантавана толькі пры ўмове існавання незалежнай дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.

Падкрэсліваем неабходнасць правядзеня перамоў пра будучыню рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе з улікам інтарэсаў беларускага народу, Украіны і Еўрапейскага саюзу.

Кабінет упэўнены, што беларускі народ можа стаць донарам сістэмы рэгіянальнай бяспекі пры ажыццяўленні дэмакратычных змен у Беларусі, і будзе рабіць усё магчымае, каб беларусы занялі сваё годнае месца ў еўрапейскай сям’і народаў.

Варшава, Вільнюс
19 лютага 2025 года

@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі адносна месца і будучыні Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе На пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета 19 лютага 2025 года прынятая заява адносна месца і будучыні Беларусі ў архітэктуры…
Пазіцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па пытаннях санкцый і патэнцыйнага вызвалення палітвязняў

19 лютага адбылося пасяджэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, падчас якога была ўзгодненая пазіцыя па пытаннях санкцый і патэнцыйнага вызвалення палітвязняў.

Кабінет лічыць, што ўвядзенне санкцый з боку міжнародных партнёраў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі з’яўляецца адным з важных інструментаў для прымушэння рэжыму змяніць унутраную палітыку і забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў.

У кантэксце кансультацый па вызваленні палітзняволеных, Кабінет заяўляе наступнае:

1. Рэжым Лукашэнкі павінен поўнасцю спыніць палітычныя рэпрэсіі.

2. Рэжым Лукашэнкі павінен вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць іх крымінальны і адміністратыўны пераслед, адмяніць незаконныя прысуды. Вызваленым палітвязням павінен быць дадзены выбар: застацца ў Беларусі ці выехаць за яе межы.

3. Палітычная і грамадская дзейнасць, праца незалежных СМІ павінны быць цалкам дэкрыміналізаваныя. У Рэспубліцы Беларусь павінна быць адноўленае дзеянне прававой сістэмы, якая забяспечвае належную павагу да правоў чалавека.

4. Пры выкананні вышэйзгаданых умоў частка санкцый ЗША можа быць паэтапна прыпынена, каб пераканацца ў тым, што рэжым належным чынам выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы.

Адначасова Кабінет падтрымлівае дзеянні ЕС, накіраваныя на працяг санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Варшава, Вільнюс
19 лютага 2025 года

@CabinetBelarus
2025/02/21 05:43:34
Back to Top
HTML Embed Code: