Telegram Group Search
Дзяніс Івашын (Dzianis Ivashyn)
Photo
1⃣2⃣8⃣1⃣ дзень у палоне. 9⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Выходныя - добры час для літаратурных "падарожжаў". Таму я падзялюся з вамі знаходкай Дзяніса Івашына, якую ён нядаўна адшукаў і прачытаў у захапленьні:

"Нядаўна прачытаў захапляльны раман брытанскага пісьменьніка Кадзуа Ішыгура (нарадзіўся ў Японіі) - "Не адпускай мяне" (Never let me go, 2005) - уваходзіць у top-100 лепшых ангельскіх раманаў усіх часінаў, паводле вэрсыі выданьня Time. Сам аўтар - ляўрэат Букэраўскае прэміі. У рамане вядзецца пра альтэрнатыўную рэчаіснасьць, Вялікую Брытанію нашых дзён, у якой перамог тэхнафашызм. Галоўныя героі - выпускнікі адмысловае школы для клонаў, прызначаных для... донарства. Раман - папярэджаньне для сучаснага сьвету, у якім усё больш і больш дамінуе канс’юмэрызм. Засьцярога для нашае цывілізацыі, якая праз мэркантыльныя чыньнікі можа ў пэрспэктыве адмовіцца наагул ад пытаньняў  біяэтыкі. Раман-набат, якім аўтар спрабуе дагрукацца да душаў і сэрцаў людзей, каб яны жылі ўсё ж духоўным сьветаглядам; шанавалі кожны момант і імгненьне свайго перабываньня поруч з блізкімі ды роднымі".

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ЖУРНАЛІСТ - НЕ ЗЛАЧЫНЦА!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣8⃣2⃣ дні ў палоне. 1⃣0⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Пакуль выходныя ня скончыліся, я працягваю публікаваць літаратурныя парады ад Дзяніса Івашына. Апроч ужо згаданага ўчора Кадзуа Ішыгура, Дзяніс пазнаёміўся з творчасьцю Марка Бэртнэса і Джэймса Джойса:

"Зараз хачу адшукаць ягоны (заўв.Кадзуа Ішыгура) раман "Рэшта дню", за які ён атрымаў Букэраўскую прэмію. Тым часам скончыў чытаньне навукова-папулярнае кнігі ганаровага прафэсара біялёгіі Браўнаўскага ўнівэрсітэту Марка Бэртнэса "Кароткая натуральная гісторыя цывілізацыі (2020). Узброіўся новымі дужа цікавымі ведамі 🙂!
Вылучаю твор славутага ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса - "Уліс". Чысьцюткі пост-мадэрнізм. То бок арт-хаўс, толькі ў літаратуры. Меркаваньне выкажу, калі ўвесь яго дасьледую".


Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
НАША ВОЗЬМЕ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
1⃣2⃣8⃣3⃣ дні ў палоне. 1⃣1⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Мы зь нецярплівасьцю чакаем на новыя лісты ад Дзяніса Івашына, бо ўжо досыць шмат часу мінула з папярэдняе карэспандэнцыі. А я, паводле добрай звычкі, падзялюся з вамі чарговым жыцьцясьцьвярджальным філязоўскім чатырохрадкоўем ад нашага ваяра:

"Кожны момант, кожнае імгненьне -
Жыцьця каштоўнага дарунак Божы.
Шануй імклівы ўзьлёт, раптоўнае падзеньне,
Нават лёс калі ў сьпіну дыхае варожа".


Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ДОБРЫ АКУПАНТ - МЁРТВЫ АКУПАНТ!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣8⃣4⃣ дні ў палоне. 1⃣2⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Мы неймаверна цешымся паведамленьням пра чарговых вызваленых палітвязьняў. Чым болей людзей можа дыхаць вольным паветрам, тым шчасьлівей жыць на зямлі Беларусам!

А наш Дзяніс Івашын напісаў мне сярод іншага пра тое, што набывае сабе ва ўнутранай краме турмы. На пачатак верасьня сытуацыя ня надта з мянілася зь вясны ці лета. І гэта, калі шчыра, дзівіць. Калі дзяржтэлебачаньне штодня распавядае, якія надоі і ўраджаі зьбіраюцца Беларусамі, а вязьні амаль зусім не забясьпечаныя айчыннай садавінай і гароднінай, то ўзьнікаюць заканамэрныя сумневы ў праўдзівасьці словаў прапагандыстаў. Лічу, што для прадстаўнікоў уладаў такая сытуацыя - сапраўдная ганьба!

"Набываю сабе збольшага марскую капусту, шпік. Скрайняга разу прыдбаў таксама цыбулю (рэпчатую) - нарэшце! Доўга на яе чакаў!"

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ І ВЯЗЬНЯМ СУМЛЕНЬНЯ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
Дзяніс Івашын (Dzianis Ivashyn)
Photo
1⃣2⃣8⃣5⃣ дзён у палоне. 1⃣3⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Мы ўсё яшчэ чакаем новай карэспандэнцыі ад Дзяніса Івашына, але чамусьці даўнавата яе ўжо не было. Мы ўжо нават трошкі хвалюемся.

А дзяржТБ анансавала сёньня фільм з удзелам іншага палітвязьня, грамадзяніна Беларусі і ЗША, захопленага ў палон у Маскве Юрася Зянковіча. Паглядзіце, наколькі зьмяніўся чалавек за амаль тры з паловай гады палону ў нялюдзкіх умовах сучаснага ГУЛАГу! Ад былога чалавека засталіся толькі вочы. Зянковіч страшэнна схуднеў і пасівеў за досыць кароткі час.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што істотам, здольным давесьці чалавека да такога стану, бессэнсоўна прыводзіць нейкія маральныя аргуманты, даказваць сваю правату паводле маральных, духоўных крытэраў. Яны ня ў стане іх нават зразумець, не кажу ўжо пра тое, каб іх прыняць у якасьці ўласных жыцьцёвых прынцыпаў.

Безумоўна, такім чынам яны зьнішчаюць нават патэнцыйную магчымасьць нейкіх сур’ёзных стасункаў з сабою, пераўтвараючыся на самалійскіх піратаў у цэнтры Эўропы. Але вызваліць нашых людзей, спадзяюся - нашая цэнтральная мэта, а людзі - галоўная каштоўнасьць. Самалійскія піраты так і не нажылі сабе вялікіх капіталаў за дзесяцігодзьдзі бесперапыннага захопу закладнікаў. Гэтым - іхны амаральны бізнэс таксама не дапаможа.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ!

#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣8⃣6⃣ дзён у палоне. 1⃣1⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Мы маем сёньня невялічкую радасьць - новую паштоўку ад Дзяніса Івашына за 8 верасьня. Але чакаем і на пазьнейшыя пасланьні

Трошку сымбалічна пераклікаюцца даты 8 і 19 верасьня... То я найперш хачу прыгадаць найноўшую гісторыю Беларусі й павіншаваць усіх Беларусаў зь днём нашых сапраўдных законных дзяржсымбаляў - нацыянальных гербу й сьцягу!

А наш ваяр піша, што ніякіх зьменаў зь ім не адбываецца, настрой м стан у яго добры. Дзяніс чакае на добрыя навіны. У гэтым мы зь ім цалкам салідарныя!

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
КАХАНЬНЕ І ЛЮБОЎ ПЕРАМОГУЦЬ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
1⃣2⃣8⃣7⃣ дзён у палоне. 1⃣2⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Мне было цікава, якую прэсу сабе выпісвае Дзяніс Івашын у палоне, пра што аднойчы я й запыталася мужа ў сваім лісьце. Вядома, што ў падпісцы засталіся толькі "ідэалягічна стэрыльныя" або нэўтральныя апалітычныя выданьні. Але адказ Дзяніса шчыра мяне зьдзівіў. Глядзіце самі, што вымушаны чытаць наш ваяр:

"З пэрыёдыкі, напрыклад, на гэты месяц выпісаў ґазэту "Красная Звезда" - выданьне мін.абароны РФ, а таксама шчэ адное выданьне гэтага ведамства - "Міжнародны вайсковы агляд"; апроч гэтага - Discovery; вядома ж, "Каталіцкі весьнік", "Полымя", "Роднае слова". З кастрычніка рас.выданьне "Известия" - дужа інфарматыўнае. Некалькі разоў цягам гэтага году і леташняга выпісваў нават ґазэту "Правда" (КПРФ) - з досыць крытычнай для РФ інфармацыяй".

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
МОРДАР МАЕ БЫЦЬ ЗЬНІШЧАНЫ!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣8⃣8⃣ дзён у палоне. 9⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Надзвычай прыгожую паштоўку ад Дзяніса Івашына я ўчора атрымала. Справа ў тым, што мне эстэтычна вельмі падабаецца выгляд нават малая жменька рознакаляровых журавінаў. А тут іх проста безьліч! Шчэ і лісьцік гэты, падобны да сардэчка 🙂. І натуральна адразу ўзгадваецца смак зь дзяцінства: журавіны ў цукровай пудры.

Але, безумоўна, тэкст на адваротным баку паштоўкі для мяне яшчэ прыгажэйшы й прыемны. Дзяніс, у адрозьненьні ад мяне, згадаў пра тое, што мінула ўжо 3,5 гады з моманту захопу яго ў палон і нашага вымушанага растаньня. Я не заўважыла, калі шчыра. Пэўна, псыхалягічна мне лягчэй не ўсьведамляць такія рэчы. Мне дастаткова лічыць дні, якіх і так ужо набегла вельмі шмат, канешне 😢.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ ВОЛЬНАЙ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
1⃣2⃣8⃣9⃣ дзён у палоне. 1⃣0⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


З апошніх навінаў ад Дзяніса Івашына ў нас толькі дзьве, і абедзьве станоўчыя. Па-першае, Дзяніс атрымаў набытую ім кнігу Рэйманда Арона "Опіюм для інтэлектуалаў". Па-другое, яму ды іншым вязьням пачалі выдаваць сьвежую гародніну, у прыватнасьці, гуркі. Мы ўсьцешаныя менавіта другім паведамленьнем. Дзіўнавата, канешне, што ў цэнтры Эўропы людзі вымушаныя радавацца такому, але пакуль вось так. Спадзяемся, распачатая некалькі тыдняў таму тэндэнцыя ў "пэнітэнцыярнай" сыстэме РБ працягнецца й надалей!

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ВЕРЫМ! МОЖАМ! ПЕРАМОЖАМ!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣9⃣0⃣ дзён у палоне. 1⃣1⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Новыя лісты ад Дзяніса Івашына ўжо маюць быць "на падлёце" да нас паводле тэрміну, які сплыў з часу папярэдняй карэспандэнцыі. А я пакуль падзялюся з вамі чарговым вершам ад нашага ваяра, бо сёньня ж зноўку панядзелак:

"Пра што пісаць, калі ўсе думкі -
Пра вецер зьменаў і вольнае паветра,
Калі навокал мітусьлівы шум,
А сонца так яскрава і зіхотка сьвеціць.

Пра што казаць, калі ўсе словы -
Свабодай дыхаюць, свабодай жывуць.
Іх не трымаюць кайданоў аковы,
Яны высока над мурамі змрочнымі лятуць.

Пра што марыць і задуменна мроіць,
Калі сэрца мае - каханай належыць.
Калі пабрацімаў магу вершам узброіць,
А вера ўздымаецца магутнаю вежай".


Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ДОБРЫ АКУПАНТ - МЁРТВЫ АКУПАНТ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
Дзяніс Івашын (Dzianis Ivashyn)
Photo
1⃣2⃣9⃣1⃣ дзень у палоне. 1⃣2⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Апроч лістоў мы, вядома, чакаем на адзінае дазволенае на месяц тэлефанаваньне Дзяніса Івашына. Застаўся ўсяго тыдзень верасьня, аднак ён дагэтуль не тэлефанаваў нікому з нас.

А Дзяніс у сваіх лістах працягвае ўзгадваць нашыя зь ім падарожжы, наведанныя мясьціны. Асабліва цёплыя ўспаміны, вядома, ён мае з нашых вандровак па Беларусі. А мне, безумоўна, бліжэй за ўсё наведваньне родных мясьцінаў Полаччыны. Мы зь Дзянісам пабывалі ў вёсачках непадалёк райцэнтру і непасрэдна ў самім старажытным месьце нашае Бацькаўшчыны.

Нам удалася наведаць будынак старое ўніяцкае царквы, адшукаць ДВК і ДЗВК часоў другое сьвятовае вайны. На жаль, будынкі старога полацкага вакзалу недасяжныя для наведваньня, бо знаходзяцца за глухім парканам.

Полацак надзвычай спадабаўся Дзянісу. Мы зь ім наведалі безьліч музэяў (але ня ўсе), большасьць храмаў і гістарычныя мясьціны нашае першае сталіцы. А я мару пра працяг нашых падарожжаў.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
КАХАНЬНЕ І ЛЮБОЎ ПЕРАМОГУЦЬ!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣9⃣2⃣ дні ў палоне. 1⃣3⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Няўмольна хутка сплывае час, вось ужо амаль два тыдні мінула з паштоўкі, якую я атрымала ад Дзяніса Івашына. І дагэтуль ані лістоў ці паштовак, ані тэлефанаваньняў ад яго не было. Таму мы зноўку пачынаем хвалявацца.

Але пакуль я працытую (гл. на фота) ранейшы ліст Дзяніса да мяне, дзе ён цешыцца навінам ад мяне. Між іншым я напісала яму пра штотыднёвыя арганныя канцэрты, якія наведвала ўлетку, а таксама пра першы ў маім жыцьці сплаў на байдарках. Узровень складанасьці гэтага заплыву падвысіўся шчэ праз тое, што маім напарнікам па байдарцы быў цалкам невідушчы чалавек. Але мы далі рады 🙂. Цяпер у мяне зьявілася новая мара: разам зь Дзянісам скарыць хуткаплынную горную рачулку. Спадзяюся, што гэтая мара таксама зьдзейсьніцца бліжэйшым часам.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ПЕРАМОГА БУДЗЕ ЗА НАМІ!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
1⃣2⃣9⃣3⃣ дні ў палоне. 1⃣4⃣ дзён без 💌.
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Роўна два тыдні мінула з моманту напісаньня Дзянісам Івашыным паштоўкі, якая да нас дайшла. Калі бліжэйшым часам ад яго ня будзе ані якой-кольвек карэспандэнцыі, ані тэлефанаваньня, можна будзе канстатаваць, што з нашым ваяром нешта здарылася.

А ў ранейшым лісьце да маці Дзяніс аднойчы нас трошкі расхваляваў сваім сказам пра тое, што ён "больш-менш аднавіўся". Мы падумалі, што ён быў прыхварэў, але Дзяніс меў на ўвазе толькі суб’ектыўную ацэнку сваёй фізычнай актыўнасьці, то бок тое, што ён павярнуўся да ранейшых нагрузак у штодзённых ґімнастычных практыкаваньнях.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
НАША ВОЗЬМЕ!


#FREEIVASHYN #FreePoliticalPrisonersInBelarus
1⃣2⃣9⃣4⃣ дні ў палоне. 2⃣ дні без 💌. ТЭЛЕФАНАВАНЬНЕ!
Турма №8 Жодзіна, строгі рэжым!


Нарэшце я змагла сёньня зноўку пачуць голас Дзяніса Івашына! Мінулага разу мы зь ім размаўлялі ажно ў ліпені месяцы.

Голас у нашага ваяра быў як звычайна бадзёры і ўпэўнены. Дзяніс супакоіў нас тым, што пачувае сябе добра, не хварэе, ніякіх зьменаў не адбылося за месяц. Наконт карэспандэнцыі ён патлумачыў, што, на вялікі жаль, некалькі ягоных і нашых лістоў не прайшлі цэнзуру, таму выдаўся такі доўгі перапынак у ліставаньні, які нас расхваляваў. Але ўжо сёньня да бацькоў дайшла віншавальная паштоўка да Дня Народзінаў айчыма. Мне Дзяніс таксама даслаў паштоўку да ўгодкаў нашага знаёмства і ліст, якія я зь нецярплівасьцю чакаю.

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ЖУРНАЛІСТ - НЕ ЗЛАЧЫНЦА!


#FreeIvashyn #FREEPOLITICALPRISONERSINBELARUS
2024/10/09 06:19:02
Back to Top
HTML Embed Code: