Telegram Group Search
Святлана Ціханоўская: «Часам словаў асуджэння недастаткова – важныя дзеянні»

Падчас візіту ў ЗША беларуская лідарка далучылася да панэльнай дыскусіі на штогадовым Саміце Канкордыя, які праходзіць на палях Генасамблеі ААН. Разам з былой прэзідэнткай Харватыі Каліндай Грабар-Кітаравіч Ціханоўская абмеркавала ролю Беларусі ў бяспецы рэгіёна, а таксама адзначыла: трэба разглядаць нашую краіну як частку вырашэння крызісу.

📎 «Часам словаў асуджэння недастаткова. Часам вельмі важныя дзеянні. І я думаю, што дэмакратычны свет не выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб дапамагчы беларусам і ўкраінцам. Гэта пра адказнасць. Гэта пра дапамогу. Гэта пра салідарнасць».

📎 «Без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі будзе пастаянная пагроза для Украіны і для заходніх краінаў. Таму мы павінны разглядаць Беларусь не толькі як праблему, але і як частку рашэння. Бо беларусы вельмі згуртаваныя супраць дыктатуры і імперыялістычных амбіцыяў Расіі. І вельмі згуртаваныя ў падтрымцы Украіны».

📎 «Нашая задача – прасоўваць беларускую справу. Тлумачыць свету, што Расія разглядае Беларусь і Украіну як непаслухмяных дзяцей, якія не маюць права самастойна выбіраць сваю будучыню і якіх яна хоча вярнуць у савецкае мінулае».

📎 «Калі людзі кажуць пра стомленасць, я думаю: напрыклад, дом вашага суседа гарыць, а вы спіце ў сваім доме, – вядома, больш камфортна спаць у ўтульным ложку. Спаць, не думаючы, што адбываецца. Але калі вы не дапаможаце свайму суседу, агонь перакінецца на ваш дом».
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
«Толькі дэмакратычна абранае кіраўніцтва Беларусі можа стаць гарантам бяспекі Украіны і іншых нашых суседзяў»

23 верасня ў Нью-Ёрку распачалася Генасамблея ААН. Удзел у мерапрыемстве ўзяла беларуская лідарка, якая знаходзіцца з працоўным візітам у ЗША. Шмат увагі падчас пасяджэнняў надавалася вайне ва Украіне, мірным перамовам і бяспецы ў рэгіёне.

Святлана Ціханоўская распавяла пра пазіцыю, якую даводзіла на Генасамблеі:

«Мы падтрымліваем Украінскую формулу міру. Вайна павінна быць скончаная. Украіна павінна вярнуць свае тэрыторыі, а адказныя за вайну – панесці пакаранне.

Аднак для беларусаў вельмі важна, каб у любых дамоўленасцях улічваліся і нашыя нацыянальныя інтарэсы. Таму падчас Генасамблеі мы настойвалі: расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з тэрыторыі Украіны, але і Беларусі – гэтаксама, як і расійская ядзерная зброя. Ваенна-палітычныя пагадненні паміж Мінскам і Масквой пасля 2020 года павінны быць ануляваныя.

Шлях да трывалага міру павінен уключаць:
📎 вызваленне беларускіх палітвязняў;
📎 правядзенне сумленных і свабодных выбараў у Беларусі пад міжнародным наглядам,
📎 правядзенне канстытуцыйнай рэформы.

Толькі дэмакратычна абранае кіраўніцтва Беларусі можа стаць гарантам для бяспекі Украіны, гэтаксама і як і для іншых нашых суседзяў».

Падрабязней пра Генасамблею – у відэа.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Святлана Ціханоўская атрымала статус запрошанага навуковага супрацоўніка (Visiting fellow) ва Універсітэце Пенсільваніі

Падчас свайго візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская наведвала Універсітэт Пенсільваніі, дзе прачытала лекцыю і паўдзельнічала ў дыскусіі. Універсітэт з’яўляецца адным з найстарэйшых і найбольш прэстыжных універсітэтаў ЗША, які ўваходзіць у знакамітую Лігу Плюшчу. Сярод яго найбольш вядомых выпускнікоў – Ілан Маск, Дональд Трамп, Уорэн Бафет.

Статус «Visiting fellow» прадастаўляецца запрошаным навукоўцам, даследчыкам або грамадскім дзеячам. Ён з'яўляецца прызнаннем значнай ролі асобы ў міжнароднай барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека.

Гэтая магчымасць дазволіць Святлане Ціханоўскай узаемадзейнічаць з вядучымі акадэмікамі і лідарамі думак ды працягваць факусаваць міжнародную ўвагу на сітуацыі ў Беларусі.
«Прымаю прэмію не за сябе, а за ўсіх тых, хто працягвае змаганне за Беларусь», – Святлана Ціханоўская

Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Lantos Human Rights Prize у Вашынгтоне. Штогадова ганаровы знак уручаецца за актыўную барацьбу за правы чалавека.

У 2024-м узнагароду атрымалі Святлана Ціханоўская і Яўгенія Кара-Мурза за мужнасць і рашучасць у змаганні супраць дыктатуры на постсавецкай прасторы. Раней лаўрэатамі прэміі станавіліся такія выбітныя асобы як Далай-лама, Хілары Клінтан, Шымон Перэс.

Пасля атрымання ўзнагароды Святлана Ціханоўская звярнулася да аўдыторыі, каб пра працяглую барацьбу беларусаў за дэмакратыю і пра парушэнні правоў чалавека ў краіне. Асаблівы акцэнт у прамове лідарка зрабіла на лёсах тых, хто працягвае аказваць супраціў у Беларусі, і тых, хто знаходзіцца за кратамі:

«Сёння я прымаю гэтую прэмію не за сябе, а за ўсіх тых, хто працягвае змагацца за Беларусь:

За нашых журналістаў, вымушаных з’ехаць у выгнанне, але якія працягваюць даносіць праўду да людзей унутры краіны. І для тых, хто знаходзіцца за кратамі. Для такіх, як Ігар Лосік з Радыё Свабода, які парэзаў сабе вены ў знак пратэсту супраць жорсткасці сваіх турэмшчыкаў.

За ўсіх нашых бясстрашных жанчын, такіх як Марыя Калеснікава, якая парвала свой пашпарт на кавалкі, каб не быць дэпартаванай з Беларусі, і цяпер рэжым яе павольна забівае.

За праваабаронцаў, такіх як наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, якому прысудзілі 10 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным і за заклікі да нацыянальнага дыялогу.

За актывістаў, такіх як Паліна Шарэнда-Панасюк, маці дваіх сыноў, якая адмовілася ад беларускага грамадзянства ў знак пратэсту супраць несправядлівага суда і цяпер падвяргаецца катаванням у турме.

За майго мужа Сяргея, які знаходзіцца ў ізаляцыі ўжо 500 дзён, адбываючы свой 19-гадовы тэрмін».
Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША ў Вашынгтоне

Падчас тыдня высокага ўзроўню Генасамблеі ААН намеснік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбэл афіцыйна прыняў беларускую лідарку ў Вашынгтоне.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі:

📌 Шляхі вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў гуманітарным спісе;
📌 Падтрымку рэпрэсаваных, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, у тым ліку фінансавую;
📌 Падтрымку ініцыятываў па ўмацаванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці;
📌 Працяг Стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнай Беларуссю;
📌 Пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну;
📌 Закрыццё шчылінаў у санкцыях;
📌 Прыцягненне вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці;
📌 Усталяванне палітычных і дыпламатычных кантактаў з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Святлана Ціханоўская: «Гэта была практычная сустрэча. У першую чаргу мы абмеркавалі крокі па вызваленні палітвязняў і спыненні рэпрэсіяў. Я радая, што нашае бачанне сітуацыі супадае, і што для ЗША гэтае пытанне застаецца прыярытэтам. Таксама важна, што ідэі і праекты, якія мы абмяркоўвалі ў межах Стратэгічнага дыялогу, пачынаюць рэалізоўвацца. Дзякую ЗША за паслядоўную пазіцыю, салідарнасць і падтрымку».
«Калі змагаешся з тыраніяй, не маеш права на тайм-аўт і асабісты камфорт», – Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях форуму СЕРА. Форум CEPA – гэта буйнейшае мерапрыемства, прысвечанае пытанням бяспекі, дэмакратыі і стабільнасці, што паўстаюць перад трансатлантычным альянсам. Ключавым элементам праграмы з'яўляецца гала-вечар, на якім уручаюцца ўзнагароды CEPA Forum Leadership Awards.

Святлана Ціханоўская стала лаўрэатам прэміі «Барацьбіт за свабоду» ў 2021 годзе за выключную ролю ў змаганні за дэмакратыю ў Беларусі. Пасля яе былі ўзнагароджаныя міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў (2022) і прэзідэнтка Малдовы Мая Санду (2023). У гэтым годзе прэмію атрымалі Алена Зяленская, Уладзімір Кара-Мурза і міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Падчас гала-вечара Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой падкрэсліла патрэбу няспыннай барацьбы з тыраніямі і аўтарытарнымі рэжымамі:

📌 «Калі ты змагаешся з тыраніяй, у цябе няма права на тайм-аўт і асабісты камфорт. Гэтая барацьба патрабуе ахвяраў, паслядоўнасці і адвагі. Таму што любыя сумневы, любыя ваганні ўспрымаюцца дыктатарамі як слабасць».

📌 «Мы павінны працягваць ціснуць на дыктатараў – на Лукашэнку і Пуціна. За кожнае злачынства, за кожнае зламанае жыццё яны павінны расплаціцца. Мы павінны падтрымліваць усіх, хто знаходзіцца на перадавой, і тых, хто знаходзіцца ў турмах».

📌 «Ні ў адной вайне, ні ў адной бітве нельга перамагчы ў адзіночку. У гэтай барацьбе патрэбныя саюзнікі – і многія з іх сёння ў гэтай зале. Нам патрэбныя такія саюзнікі, як Злучаныя Штаты Амерыкі. Вы – маяк надзеі для многіх народаў. Не пераставайце адстойваць тое, што правільна».

📌 «Не пераставайце падтрымліваць Беларусь. Таму што тыранія заразлівая: калі яе не стрымліваць, яна распаўсюджваецца. Мы павінны адкінуць саму думку, што тыранаў можна ўлагодзіць або перавыхаваць. Дыктатары не спыняцца, пакуль мы не спынім іх».
Святлана Ціханоўская – на Chicago Council on Global Affairs

Падчас працоўнага візіту ў ЗША беларуская лідарка выступіла на Chicago Council on Global Affairs. Chicago Council on Global Affairs – гэта незалежная некамерцыйная арганізацыя, што факусіруецца на міжнародных адносінах, глабальнай палітыцы і эканоміцы.

Асноўныя тэзісы, якія агучыла і тлумачыла беларуская лідарка:

📌 Беларусь – лабараторыя рэпрэсіяў для Пуціна. Нашая краіна – палігон для іспытаў разнастайных метадаў па гвалце над людзьмі;
📌 Рэпрэсіі супраць беларусаў выходзяць за межы краіны. Улады пераследуюць людзей праз завочныя суды і ціск на родных, якія засталіся ў рэспубліцы;
📌 Узаемасувязь паміж Украінай і Беларуссю. Краіны ўзаемазвязаныя ў памкненнях да волі, а перамога дэмакратыі ў адной краіне будзе спрыяць зменам у іншай;
📌 Выкарыстанне тэхналогіяў у барацьбе супраць дыктатур. Тэхналогіі і сацсеткі сталі інструментам падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў. Яны не даюць згаснуць пратэснаму руху нават пад ціскам;
📌 Важна справакаваць раскол унутры рэжымных элітаў. Гэта дазволіць змяніць баланс сілаў і наблізіць дэмакратычныя змены;
📌 Беларусы – адважныя і творчыя. Нягледзячы на рэпрэсіі, яны знаходзяць спосабы выказваць нязгоду з палітыкай рэжыму і змагацца;
📌«Стабільнасць» рэжыму ілюзорная – акно дэмакратычных зменаў не зачыненае. Нягледзячы на тое, што рэжым намагаецца паказаць стабільнасць, сітуацыя ў Беларусі нестабільная, і акно магчымасцяў для зменаў можа адкрыцца ў любы момант.
«Па ўзроўню заробкаў Беларусь ужо стала самай беднай краінай у Еўропе»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч расказаў выданню «Салідарнасць», чаму эканамісты памыліліся і беларуская эканоміка не пайшла на спад пасля пачатку вайны і ўвядзення санкцыяў, а таксама, чаму даход беларусаў будзе толькі памяншацца ў параўнанні з еўрапейскімі краінамі.

📌 «Сведчаннем таго, што не ўсё так добра ў беларускай эканоміцы, з’яўляецца вызваленне палітвязняў. Ідзе заклік да гандлю. Лукашэнка і ўлады маюць разуменне, наколькі крытычным і небяспечным з’яўляецца эканамічная залежнасць ад аднаго партнёра».

📌 «Пасля ўнутрыпалітычнага крызісу, увядзення санкцыяў, ад’езду сотняў тысячаў чалавек патэнцыял беларускай эканомікі скараціўся яшчэ больш. У наступныя гады я бачу рост беларускага ВУП на ўзроўні ўсяго 0,5-1% штогод».

📌 «Ва ўмовах вайны беларускія прадпрыемствы працуюць на расійскі ВПК. Але ўсё гэта часовая з’ява: беларускія тавары з часам заменяць кітайскія. Таму калі ў Беларусі палітычна нічога не зменіцца, то яе эканоміка будзе ўсё больш адставаць».

📌 «Па ўзроўню заробкаў Беларусь ужо стала самай беднай краінай у Еўропе. Ва ўсіх дзяржавах, акрамя ваюючай Украіны, ужо зарабляюць больш. Нават у Малдове сярэдні заробак за 2023 год аказаўся вышэйшым, чым у Беларусі: $680 у Малдове ў параўнанні да $638 у Беларусі».

📌 «У наступныя гады беларусы будуць зарабляць на рубель ці капейку больш, чым сёння, але іх адставанне па даходах ад жыхароў астатніх еўрапейскіх краінаў будзе толькі павялічвацца».
⚡️ Пракурор МКС зможа расследаваць злачынствы Лукашэнкі супраць беларусаў

Сёння ўрад Літвы скарыстаўся сваім правам па Рымскім статуце і афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.

Паколькі адпаведныя злачынствы былі здзейсненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага статута, Міжнародны крымінальны суд патэнцыйна мае юрысдыкцыю.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сабрала пераканаўчыя даныя, якія пацвярджаюць здзяйсненне дадзеных злачынстваў вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму. Гэтыя даныя былі перададзеныя ўраду Літвы для ацэнкі фактаў злачынстваў. Літоўскі бок прыйшоў да высновы, што маецца дастаткова падстаў меркаваць, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці.

«Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у рамках Рымскага статута і звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя рэжымам ў Беларусі. Мы ўдзячныя ўраду Літвы за прынцыповае рашэнне і дзеянне. Для соцень тысяч пацярпелых, для ўсіх ахвяр рэпрэсій гэтае дае надзею. Надзею на справядлівасць, надзею на тое, што злачынствы не застануцца без пакарання. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасці, рэпрэсіі – спыненыя. Усе незаконна асуджаныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя», – заявіла кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская.

«Створаны гістарычны прэцэдэнт – бо ўпершыню ў гісторыі Міжнароднага крымінальнага суда дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала на разгляд Офіса пракурора сітуацыю ў дзяржаве, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага статута. Акрамя таго, упершыню ў фокусе ўвагі МКС будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі. І гэты крок, гэты прэцэдэнт і гэты працэс ужо нельга спыніць. Адказнасць за гэтыя злачынствы – немінучая. І тым важней, што гэта адбываецца, калі ўсе мы пражываем гістарычны момант, калі права сілы спрабуе аспрэчыць сілу права. Паверыўшы ў сваё «права сілы», аўтакраты і дыктатары спрабуюць перакроіць свет пад сябе. Але прыйшоў час для справядлівасці і правасуддзя. Лукашэнка марыў увайсці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. Ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу», – падкрэсліў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, які сёння прыехаў у Гаагу.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць краіны-ўдзельніцы Рымскага статута падтрымаць намаганні літоўскага боку і агульнае імкненне ўсіх беларусаў – забяспечыць правасуддзе для соцень тысяч ахвяр і прыцягнуць Лукашэнку і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць.

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская: «Мы верым, што разам з Літвой і міжнароднай супольнасцю забяспечым дастатковую колькасць доказаў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці»

Міжнародны крымінальны суд (МКС) атрымаў запыт ад Літвы для пачатку расследавання супраць рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі пасля выбараў-2020. Упершыню міжнародная судовая інстытуцыя афіцыйна будзе разглядаць злачынствы рэжыму. Гэты крок – вынік працы праваабаронцаў і дэмакратычных сіл Беларусі.

Факты злачынстваў:
дэпартацыя: па дадзеных ААН рэжым вымусіў каля 300 тысячаў беларусаў пакінуць краіну праз рэпрэсіі, катаванні і палітычныя пераследы;
пераслед беларусаў за мяжой: пагрозы жыццю і здароўю, палітычна матываваныя прысуды, канфіскацыі маёмасці, пазбаўленне доступу да дзяржаўных паслугаў;
іншыя негуманныя акты.

Якія вынікі чакаць?
расследаванне злачынстваў і магчымае пакаранне адказных;
пашырэнне міжнароднага ціску на рэжым;
заахвочванне іншых краінаў звярнуцца ў міжнародныя суды па падобных справах.

Святлана Ціханоўская патлумачыла важнасць распачатай справы:

«Рашэнне Літвы звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд супраць беларускага рэжыму – важны крок да справядлівасці для Беларусі. На працягу больш чым чатырох гадоў беларусы пакутуюць ад жорсткіх рэпрэсіяў пасля фальсіфікацыі выбараў-2020. Злачынствы, якія здзейсніў рэжым Лукашэнкі, не павінны заставацца беспакаранымі. Мы верым, што разам з Літвой і міжнароднай супольнасцю забяспечым дастатковую колькасць доказаў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці».
«Беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза», — Святлана Ціханоўская

Сёння ў Гаазе адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. Падчас канферэнцыі яны распавялі падрабязнасці пра перадачу ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.

Упершыню міжнародная судовая інстытуцыя афіцыйна разгледзіць злачынствы рэжыму, што сведчыць пра сур'ёзнасць адносінаў да сітуацыі ў Беларусі на сусветным узроўні. Гэта не толькі ўзмоцніць міжнародны ціск на рэжым, але і створыць прэцэдэнт для іншых краінаў звяртацца ў суды па справах супраць рэжыму Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская пра працэс, ініцыяваны Літвой:

📌 «Беларусь стала арэнай масавых злачынстваў і буйнамаштабных міжнародных злачынстваў: масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні, гвалтоўныя знікненні, адвольныя турэмныя заключэнні і забойствы, якія здзяйсняюцца рэжымам. І ўсе гэтыя злачынствы адбываюцца ў поўнай беспакаранасці вінаватых».

📌 «Гэтыя злачынствы можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці. Яны здзейсненыя найвышэйшымі службовымі асобамі рэжыму супраць беларусаў у выгнанні. І часткова яны адбыліся на тэрыторыі краінаў, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Мы хочам, каб свет пачуў гэта: беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза».

📌 «Сёння мы заклікаем іншыя краіны падтрымаць перадачу Літвой справы ў МКС. Прадэманструйце сваю прыхільнасць ідэалам і каштоўнасцям дэмакратычнага свету і справядлівасці. Мы просім Вас скарыстацца сваім правам, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статута».

📌 «Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда стане першай дамовай, ратыфікаванай Новай Беларуссю пасля падзення дыктатуры. У новай Беларусі не будзе месца ні міжнародным злачынствам, ні злачынцам, якія імкнуцца схавацца ад міжнароднага правасуддзя. Беларусь стане тэрыторыяй, на якую распаўсюджваецца юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда».
2024/10/07 08:25:31
Back to Top
HTML Embed Code: